Ірына Казуліна нарадзілася 19 кастрычніка 1959 году. Скончыла мэханічна-матэматычны факультэт БДУ, дзе й пазнаёмілася з сваім будучым мужам Аляксандрам Казуліным. Працавала праграмістам у НПА “Планар”, затым - у Цэнтры праблем чалавека БДУ. Пасьля заканчэньня Міжнароднай школы бізнэсу і мэнэджмэнту тэхналёгіяў БДУ працавала маркетолягам ў тым самым Цэнтры.
Актыўна дапамагала хворым на рак малочнай залозы. У 2007 годзе выступіла адной з арганізатараў праведзенай у Менску міжнароднай канфэрэнцыі па праблемах падтрымкі жанчын, хворых на рак малочнай залозы.
Плянуецца, што разьвітаньне зь Ірынай Казулінай адбудзецца ў Чырвоным касьцёле. “Пра гэта мы фактычна ўжо дамовіліся. Маму прывязуць ў Чырвоны касьцёл ўвечары ў панядзелак. Людзі змогуць зь ёй разьвітацца да аўторка, да гадзіны дня. Там будзе адпяваньне і тады павязуць на могілкі. Якія могілкі, мы пакуль не вызначыліся”, - сказала Вольга Казуліна.
